1803 г.
Віленскі ўніверсітэт – пераемнік Галоўнай Віленскай школы – меў еўрапейскую навуковую славу. Студэнты атрымлівалі адукацыю на ўзроўні лепшых універсітэтаў Заходняй Еўропы. Выкладанне вялося на польскай мове. Заахвочвалася вывучэнне гісторыі і мясцовых традыцый. У 1832 г. Віленскі ўніверсітэт быў ліквідаваны ў сувязі з удзелам яго студэнтаў у паўстанні 1830–1831 гг.
1840 г.
Створана Горы-Горацкая земляробчая школа, дзе ўпершыню ў Расіі рыхтаваліся аграномы і кіраўнікі для маёнткаў. Існавалі курсы навучання вышэйшага і ніжэйшага разрадаў. Горы-Горацкая земляробчая школа хутка заваявала папулярнасць.
У 1848 годзе вышэйшы разрад школы быў ператвораны ў Горы-Горацкі земляробчы інстытут – першую ў Расійскай Імперыі вышэйшую сельскагаспадарчую навучальную ўстанову.
1892 г.
Выдадзена «Хрэстаматыя па гісторыі Заходняй Расіі» – першы падручнік па айчыннай гісторыі, складзены Арсеніем Турцэвічам. Пазней выдадзены яго кнігі «Руская гісторыя ў сувязі з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага» (1894) і «Кароткі падручнік рускай гісторыі» (1913). Падручнікі і вучэбныя дапаможнікі А. В. Турцэвіча былі дазволены для выкарыстання ў адукацыйным працэсе.
1909 г.
Выйшла адна з першых вучэбных кніг на беларускай мове і першая кніга Якуба Коласа «Другое чытанне для дзяцей беларусаў». Зборнік уяўляе сабой хрэстаматыю для вучняў II класа. Выхаваўчыя ідэі шэрагу твораў арганічна спалучаюцца з навучальным матэрыялам.