Першая ў Беларусі і свеце кніга пад назвай «Буквар». Поўная назва «Букварь языка славенска писаний чтения о учитися хотящим в полезное руковожение». – Еўе, 1618. Буквар быў разлічаны не толькі на юнацкую, але і на дарослую аўдыторыю. Структура выдання вызначалася характарам навучальнага працэсу ў той перыяд. Адукацыйны працэс у XVI–XVIII стагоддзях пачынаўся з навучання грамаце так званым літараскладальным метадам, які выкарыстоўвалі яшчэ старажытныя грэкі і рымляне. Сутнасць гэтага метаду можна зразумець з назвы. Напачатку вучні вывучалі літары славянскага алфавіта (“аз”, “букі”, “ведзі” і г.д.). Затым яны займаліся складаннем літар у простыя склады з дзвюх літар (“букі” + “аз” = ба, “ведзі” + “аз” = ва) і трохлітарныя склады. Нарэшце пасля гэтага вучні спрабавалі складваць са складоў цэлыя словы, а затым – сказы. У адпаведнасці з такім прынцыпам будавалася і структура навучальных выданняў, у тым ліку і «Буквара» 1618 года.
У кнізе прыводзіцца славянскі алфавіт у звычайным і адваротным парадку, прыклады складоў з двух, трох, чатырох, пяці і больш літар, прасцейшыя словы царкоўнаславянскай мовы, пералік знакаў прыпынку і лічбаў у адпаведнасці са старажытнай кірылічнай традыцыяй, некаторыя правілы граматыкі. Апрача ўласна адукацыйных задач «Буквар» быў прызначаны для патрэбаў выхавання, якое ў той час грунтавалася на хрысціянскай сістэме каштоўнасцей. Менавіта з гэтай мэтай ў склад выдання ў якасці важных тэкстаў для чытання ўключаны шматлікія малітвы, рэлігійныя гімны, сімвал веры, Божыя запаветы, пропаведзі, пералік добрых якасцей чалавека і яго грахоў, а таксама шматлікія іншыя маральна-выхаваўчыя тэксты. Як сёння, так і многа стагоддзяў таму для навучальных выданняў прынцыповае значэнне меў знешні выгляд кнігі і яе мастацкая аздабленне. У «Буквары» выкарыстаны розныя варыянты кірылічных шрыфтоў, што аблягчае ўспрыняцце тэкстаў, стварае добрае візуальнае ўражанне. Ужо на тытульным аркушы змешчаны некаторыя дэкаратыўныя элементы, якія ствараюць урачыстае адчуванне. Магчыма, да гэтага выдання мелі дачыненне Мялецій Сматрыцкі і Лявонцій Карповіч.