18 снежня 2019 года музей Акадэміі паслядыпломнай адукацыі “Вучэбная кніга ў гісторыі адукацыі” наведалі прадстаўнікі дэлегацыі Інстытута імя Гётэ ў Беларусі. Інстытут імя Гётэ з’яўляецца ўстановай культуры Федэратыўнай Рэспублікі Германія, аддзяленні якога працуюць у многіх краінах свету. Адукацыйная дзейнасць Інстытута скіравана на папулярызацыю нямецкай мовы за межамі Германіі і пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры.
Экскурсію правёў рэктар акадэміі Андрэй Пятровіч Манастырны. Ён распавёў пра гісторыю беларускага вучэбнага кнігавыдання, акцэнтуючы ўвагу на адметныя вучэбныя кнігі, якія выкарыстоўваліся ў адукацыйным працэсе ва ўстановах адукацыі Беларусі ў розныя гістарычныя эпохі. Гасцям таксама былі прадэманстраваны падручнікі і вучэбныя дапаможнікі, выдадзеныя ў Германіі ў XIX стагоддзі. А электронныя сродкі навучання дапамаглі больш дэталёва пазнаёміцца з кожнай вучэбнай кнігай экспазіцыі.