11 лістапада 2019 года ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі на факультэце прафесійнага развіцця кіруючых работнікаў адукацыі прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння дыпломаў. Уручэнне дыпломаў адбылося ў зале музея акадэміі.
Дыпломы аб перападрыхтоўцы на ўзроўні вышэйшай адукацыі з прысваеннем кваліфікацыі «Менеджэр у сферы адукацыі» атрымалі слухачы, якія асвоілі змест адукацыйнай праграмы перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў па спецыяльнасці «Менеджмент устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі».
З пажаданнямі добрага жыццёвага шляху, моцнага здароўя, кар’ернага развіцця да выпускнікоў звярнуліся рэктар акадэміі А.П. Манастырны, намеснік дэкана факультэта прафесійнага развіцця кіруючых работнікаў адукацыі Н.У. Васілевіч, загадчык кафедрай педагогікі і менеджменту адукацыі Т.А. Лапацік. Прадстаўнікі дэканата і прафесарска-выкладчыцкага складу пажадалі выпускнікам не страчваць сувязі з акадэміяй, вяртацца сюды для павышэння кваліфікацыі і працягу адукацыі ў аспірантуры.
Са словамі падзякі выступілі выпускнікі. Яны адзначылі, што за час навучання ў акадэміі атрымалі вельмі добрую прафесію, якая з’яўляецца запатрабаванай у сучасным грамадстве.