1 кастрычніка музей «Вучэбная кніга ў гісторыі адукацыі» наведалі начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў адукацыі выканаўчых камітэтаў.
Падчас экскурсіі яны пазнаёміліся з гісторыяй беларускага вучэбнага кнігавыдання, а таксама з гісторыяй адукацыі Беларусі. Яны вельмі зацікавіліся вучэбнымі кнігамі, якія выкарыстоўваліся ў адукацыйным працэсе ў навучальных установах на тэрыторыі Беларусі ў розныя гістарычныя перыяды.
Асаблівая цікавасць была праяўлена да ўрадавых заканадаўчых актаў і міністэрскіх адукацыйных пастанаўленняў XІX – пачатку XX стагоддзя, сярод якіх асабліва вылучаецца «Сборник постановлений и распоряжений по министерству народного просвещения» 1862 года. А электронныя сродкі навучання дапамаглі больш дэталёва азнаёміцца з кожнай кнігай экспазіцыі.
Наведвальнікі адзначылі, што падчас экскурсіі дакрануліся да гісторыі Беларусі праз вучэбныя кнігі мінулых стагоддзяў. Музей «Вучэбная кніга ў гісторыі адукацыі» выклікаў ў іх вельмі прыемныя ўражанні, якія яны зафіксавалі ў кнізе водгукаў.